Падарылі дзецям радасць
27 чэрвеня 2016
Не паспеў дзіцячы аздараўленчы лагер імя Мікалая Гастэлы адкрыць свой чарговы летні сезон, туды ўжо спяшаюцца шматлікія госці. Вось і на мінулым тыдні да хлопцаў прыехалі артысты Культурна-спартыўнага цэнтра Мінскага аддзялення — заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь — ансамбль эстраднага танца «Гарэзныя агеньчыкі" і цыркавая студыя «Белая Русь» — падарылі дзятве сапраўднае свята.
Яркія касцюмы, энергія і запал юных танцораў, гнуткасць і бясстрашнасць маленькіх цыркачоў сапраўды зачароўваюць і ствараюць адчуванне чараўніцтва. Гледачы назіралі за казачным дзействам, не адрываючы вачэй. Зрабіць вольны час займальным і запамінальным — адна з галоўных задач дзіцячага аздараўленчага лагера, упэўнены яго начальнік Аляксандр Янкавец.
І гэтая ўпэўненасць пацвярджаецца шчаслівымі ўсмешкамі юных адпачывальнікаў. А гэта — 256 школьнікаў першай змены. — Кожны сезон мы стараемся зрабіць незвычайным, разнастайным. Бо многія дзеці бываюць у нас рэгулярна, — адзначыў Аляксандр Аляксандравіч. — Напрыклад, у гэтым годзе за — пушчаны гульнявы праект «Чароўны экспрэс» (па матывах раманаў Джоан Роўлінг пра Гары Потэра). Мерапрыемствы таксама звязаны з тэматыкай кніг і фільмаў пра чараўнікоў. Атрады сталі «вагонамі», якія разам утвараюць сам «Чароўны экспрэс». Дзецям падабаецца такая гульня. Да дня нараджэння лагера таксама пройдзе акцыя «Суперканiкулы» у рамках праграмы Суперлато. Вядома ж, не абыдзецца без падарункаў.
У планах — фотавыстава славутасцяў нашай краіны, адкрыцце Алеі знакамітых людзей Беларусі, мноства іншых мерапрыемстваў. Думаю, гэта лета запомніцца нашым выхаванцам. Аказваецца, што сярод персаналу лагера есць людзі, якія адпачывалі тут яшчэ дзецьмі і з задавальненнем прыязджаюць сюды папрацаваць падчас свайго адпачынку. Верагодна, яшчэ і таму, што ў калектыве добры мікраклімат. — Мы стараемся быць адзінай камандай. А гэта, як вядома, — залог поспеху, — працягвае Аляксандр Аляксандравіч. — Што вас натхняе на працу з дзецьмі? — Напэўна, усведамленне таго, што займаемся вельмі важнай справай, а таксама жаданне стварыць для рабят ўмовы для паўнавартаснага адпачынку, пры гэтым перадаючы свае веды і вопыт. І дзіцячыя ўсмешкі - лепшая ўзнагарода за нашу працу. Гэта лета для лагера поўна новых пачынанняў. Дзеці ўбачаць мультымедыйную прэзентацыю Мінскага заапарка, адбудзецца першы ColorFest (музычны фестываль фарбаў Холі, родам з Індыі - заўв. аўтара) для ўсіх жадаючых.
Зусім нядаўна ў гастелаýцаý з'явіýся ýласны сайт і старонка ў
Instagram, дзе штодня выкладваюцца фота з самымі яркімі момантамі дня. Аднак жыцце ў лагеры складаецца не толькі з новых ініцыятыў: працягваецца пленнае супрацоўніцтва з
Мінскім абласным драматычным тэатрам (г. Маладзечна) і УП «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама. Тут заўседы з нецярпеннем чакаюць мабільны планетарый з 3D-фільмамі і,
вядома, артыстаў КСЦ з яркімі і непаўторнымі выступленнямі.
Ганна ЦІХАНОВІЧ