Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

Language
Чым Вам дапамагчы?

Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі

Вандраванне ў Паднябесную

19 чэрвеня

У верасні 2017 года па запрашэнню начальніка Беларускай магістралі Уладзіміра Марозава Дзіцячую чыгунку імя К. С. Заслонава наведаў генеральны дырэктар Кітайскай кампаніі па экспарту і імпарту электраабсталявання (CUEC) Ван Цзіньсун. Госць быў уражаны тым, што на дзіцячай магістралі ўзноўлены поўны цыкл функцыянавання чыгункі.       
 
Размаўляючы тады з юнымі чыгуначнікамі, Ван Цзиньсун пахваліў юных чыгуначнікаў за мэтанакіраванасць і працавітасць, за бяспеку руху, а таксама адзначыў, што ў перспектыве ён і яго калегі працягнуць супрацоўніцтва з рабятамі - ужо як з прадстаўнікамі новага пакалення работнікаў Беларускай чыгункі. Акрамя таго, Ван Цзіньсун перадаў сертыфікат на суму 30 тыс. даляраў для развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы малой Беларускай. На гэтыя сродкі быў набыты інтэрактыўны электрыфікаваны 3D макет-трэнажор з кампутарным кіраваннем «Станцыя і ўчастак перагону з аўтаматычнай блакіроўкай» для навучальнага класа «Арганізацыя руху цягнікоў».
 
Пасля заканчэння сустрэчы госць падзякаваў за цёплы прыём і запрасіў юных чыгуначнікаў наведаць Кітай, каб у горадзе Датун азнаёміцца з вытворчасцю цягавага рухомага складу, а таксама з архітэктурнымі помнікамі і гісторыяй краіны.
 
З візітам у адказ, напярэдадні летніх канікул у пазнавальнае падарожжа па Кітайскай Народнай Рэспубліцы адправіліся юныя чыгуначнікі Павел Макаранка, Павел Спаскі, Антон Кароль і Ксенія Коўшык у суправаджэнні начальніка Дзіцячай чыгункі Валерыя Савіча.
 
Незабыўныя ўражанні ў рабят засталіся пасля наведвання электравозабудаўнічага завода CRRC Datong Co., Ltd ў горадзе Датун, дзе пабудавалі сучасныя і магутныя электравозы серый БКГ1 і БКГ2 для Беларускай магістралі. Юныя чыгуначнікі прайшліся па зборачных цэхах, пабывалі ў музеі завода, пагутарылі з галоўным інжынерам і намеснікам генеральнага дырэктара Чжао Міньюань, даведаліся шмат цікавага аб вытворчасці і лакаматывах, якія там выпускаюцца. У якасці сувеніра ім падарылі макет электравоза БКГ2.
 
Знайсці новых сяброў, даведацца аб іх інтарэсах і захапленнях, і, нарэшце, пагутарыць у нефармальнай абстаноўцы юныя чыгуначнікі змаглі падчас сустрэчы з навучэнцамі Датунскай сярэдняй школы № 2, якая з'яўляецца падшэфнай у электравозабудаўнічага завода. Дырэктар школы Ян Лэй распавёў гасцям з Беларусі аб навучальнай установе, а выхаванцы школы  падрыхтавалі канцэрт: выконвалі народныя танцы, песні, ігралі на музычных інструментах. У адказ юныя чыгуначнікі прэзентавалі фільмы пра сваю краіну, Беларускую чыгунку і дзіцячую магістраль. Падчас сяброўскіх зносін рабяты рабілі сэлфі, абменьваліся сувенірамі і электроннымі адрасамі. Напрыканцы кітайскія школьнікі падарылі беларусам пергаментны скрутак з надпісам «Дружба назаўсёды!», выкананы імі ў стылі кітайскай каліграфіі.
 
Далей былі арганізаваны экскурсіі па цэнтральнай частцы горада і ў мясцовую крэпасць, а таксама ў пячорна-храмавы комплекс Юньган, заснаваны прыблізна ў IV - V стагоддзях н. э.
Сустрэча з генеральным дырэктарам Кітайскай кампаніі па экспарту і імпарту электраабсталявання (CUEC) Ван Цзіньсуном адбылася ў Пекіне. Кіраўнік распавёў аб працы кампаніі і яе укладзе ў развіццё Беларускай чыгункі. Юныя чыгуначнікі,  у сваю чаргу, падзякавалі яго за прадстаўленую магчымасць пабываць у Кітаі, падзяліліся ўражаннямі аб знаходжанні ў Паднябеснай, распавялі пра малую Беларускую і асабістых планах на будучыню, абмяняліся сувенірамі.
 
Крыху пазней беларуская дэлегацыя наведала «сэрца» Кітая – плошчу Цяньаньмэнь, якая знаходзіцца ў самым цэнтры Пекіна. Затым пабывала ў Забароненым горадзе Гугун - самым вялікім у свеце палацавым комплексе - і чыгуначным музеі Пекіна, які размяшчаецца ў будынку старога Усходняга вакзалу.
 
Цэлы дзень быў прысвечаны азнаямленню з алімпійскім комплексам, дзе ў 2008-м праходзілі летнія Алімпійскія гульні, а ў 2022 годзе адбудуцца і зімовыя. Адно з самых уражлівых збудаванняў - Пекінскі нацыянальны стадыён, які атрымаў. дзякуючы незвычайнай канструкцыі. назву "Птушынае гняздо". Пабывалі заслонаўцы і ў аквапарку, размешчаным у Пекінскім нацыянальным плавальным комплексе, вядомым як «Вадзяны куб», і ў лёгкаатлетычным комплексе, паглядзелі імправізаванае шоў-прадстаўленне дыназаўраў "Парк Юрскага перыяду". І, вядома ж, здзейснілі працяглую экскурсію па самай, мабыць, знакамітай славутасці Паднябеснай - Вялікай Кітайскай сцяне.
 
Паездка пакінула ва ўсіх прадстаўнікоў дэлегацыі Дзіцячай чыгункі незабыўныя ўражанні - пра гістарычныя славутасці Кітая, яго культуру і гісторыю, дасягненні сучаснасці і, вядома, пра выдатных людзей, з якімі пазнаёміліся падчас шматлікіх сустрэч.
 
 
Да спісу навін за 2018 год