Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

Language
Чым Вам дапамагчы?

Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі

Фестываль музейных экспазіцый сярод арганізацый Беларускай чыгункі «Час, падзеі, людзі»

27 ліпеня

Напярэдадні Дня чыгуначніка ў перыяд 24 - 26 ліпеня 2018 года на базе УП «Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі» адбыўся фестываль музейных экспазіцый сярод арганізацый Беларускай чыгункі «Час, падзеі, людзі». На фестывалі свае экспанаты прадставілі музеі чыгуначнай гісторыі з Віцебска, Брэста, Мінска, Магілёва, Гомеля і Баранавічаў. Экспазіцыі былі размешчаны ў будынку вакзала Баранавічы - Палескія.
 
Праграма фестывалю была цікавай і разнастайнай. У першы дзень удзельнікі фестывалю зрабілі пешаходную экскурсію па горадзе, затым падарожжа ў гісторыю працягнулася ў краязнаўчым музеі Баранавічаў, дзе сапраўдным падарункам для ўсіх прысутных стала літаратурна - музычная кампазіцыя ў выкананні работнікаў музея і таленавітай моладзі горада. Гэта своеасаблівае перамяшчэнне ў часе адбылося дзякуючы мастацтву старадаўняга касцюма, паэзіі і музыцы. У такой незвычайнай творчай абстаноўцы удзельнікі фестывалю  азнаёміліся з экспазіцыяй музея.
 
Наступная экскурсія прайшла ў Музеі чыгуначнай тэхнікі.. Уся экспазіцыя пабудавана па этапах зараджэння і развіцця чыгуначнага транспарту і ўяўляе вялікае пазнавальнае значэнне, бо ўсе ўдзельнікі фестывалю– знаўцы чыгуначнай гісторыі. У заключэнне экскурсіі жадаючыя пракаціліся на самай сапраўднай дрызіне.
На другі дзень адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю і пачалася конкурсная праграма, якая складалася з трох намінацый: «Прэзентацыя музейнай экспазіцыі», «Музейная рэліквія» і «Музей як аб'ект культурнага турызму».
 
Кожнае аддзяленне пастаралася разнастаіць свае экспазіцыі унікальнымі прадметамі, рэтра-экспанатамі, архіўнымі дакументамі па гісторыі чыгункі, і аформіць так, каб і журы, і наведвальнікам было цікава, даступна і зразумела. Прадстаўнікам музейных экспазіцый былі выдадзены кнігі водгукаў для наведвальнікаў, у якіх кожны жадаючы мог выказаць сваё меркаванне. Усе водгукі былі ўлічаны пры вынясенні канчатковага рашэння.
Музейную экспазіцыю Мінскага аддзялення чыгункі прадставілі зала гісторыі Мінскага аддзялення чыгункі, Народны Музей баявой і працоўнай славы лакаматыўнага дэпо Мінск і Музей рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы лакаматыўнага дэпо Орша ім. К. С. Заслонава. У экспазіцыі была прадстаўлена ўнікальная калекцыя мадэляў лакаматываў розных гадоў, вырабленая Дамброўскім Генадзем Аркадзевичам, у мінулым машыністам лакаматыўнага дэпо Мінск. У склад калекцыі фалерыстыкі увайшла серыя нагрудных знакаў чыгуначнікаў  (ударнік Сталінскага прызыву, выдатны двіжэнец, выдатны паровознік, выдатны сувязіст, выдатны вагоннік, выдатны пуцеец), а таксама ўзнагароды і чыгуначная форма ўзору 60-х гадоў машыніста лакаматыўнага дэпо Орша - Шейпака Іосіфа Андрэевіча. Асаблівае месца ў экспазіцыі занялі Сцяг Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі савецкага перыяду і Чырвоны Сцяг Міністэрства шляхоў зносін СССР і Цэнтральнага Камітэта прафсаюзаў рабочых чыгуначнага транспарту, выдадзенае на пастаяннае захоўванне 26 кастрычніка 1967 г. « За дасягнутыя высокія вытворчыя паказчыкі і паспяховае выкананне абавязацельстваў у гонар 50-годдзя Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі калектыву лакаматыўнага дэпо Орша Беларускай чыгункі», друкаваныя выданні, рэпрадукцыі, рэкламныя  відэаролікі, інфармацыйныя стэнды.
 
У кожнага экспаната, у кожнага дакумента ёсць свая гісторыя, таму на падставе захоўвання, вывучэння і даследавання гісторыі культуры і тэхнікі была складзена прэзентацыя музейнай экспазіцыі Мінскага аддзялення чыгункі.
 
Па выніках конкурснай праграмы фестывалю УП «Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі» ўзнагароджана «Дыпломам за развіццё музейнай і культурна-асветніцкай дзейнасці, захаванне традыцый Беларускай чыгункі», «Дыпломам за 2-е месца ў фестывалі музейных экспазіцый «Час, падзеі, людзі» ў намінацыі «Музей як аб'ект культурнага турызму» і памятным знакам з выглядам чыгуначнай станцыі Баранавічы-Палескія.
 
Пасля падвядзення вынікаў і ўрачыстага ўзнагароджання адбылася навукова-практычная праграма фестывалю, дзе за круглым сталом музейныя работнікі чыгункі абмяняліся вопытам работы, а таксама ўнеслі прапановы і дапаўненні ў нарматыўныя дакументы па ўдасканаленні музейнай працы.
 
Ва ўсіх арганізатараў і ўдзельнікаў было адзінае меркаванне – фестываль атрымаўся і яго правядзенне павінна стаць чарговай добрай, карыснай, чыгуначнай традыцыяй.
 
.
 
Да спісу навін за 2018 год