Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

Language
Чым Вам дапамагчы?

Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі

Ніхто не забыты, нішто не забыта

6 жніўня

1 жніўня 2018 года, напярэдадні прафесійнага свята – Дня чыгуначніка – юныя чыгуначнікі Дзіцячай чыгункі ім. К. С. Заслонава прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці чыгуначнай экспазіцыі, прысвечанай працоўнаму і ратнаму подзвігу ўсіх пакаленняў  воінаў і працаўнікоў чыгуначнага транспарта, у гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна».
 
 Дзяцей сустрэў дырэктар гісторыка-культурнага комплексу "Лінія Сталіна" Аляксандр Мятла. Ён расказаў пра мэту стварэння чыгуначнай экспазіцыі. Юным чыгуначнікам цікава было даведацца, што гістарычная экспазіцыя была створана па ініцыятыве дабрачыннага фонду "Памяць Афгана", кіраўніцтва Беларускай чыгункі, сумесна з Міністэрствам абароны і холдынгам "Белаўтадор". Яе цэнтральным аб'ектам стаў узноўлены бронецягнік часоў Вялікай Айчыннай вайны, складзены з паравоза, двух броневагонаў і баявой платформы з зенітнай гарматай. Для яго стварэння Беларуская чыгунка перадала дабрачыннаму фонду паравоз 1933 года пабудовы і арганізавала яго даставу з горада Крычава на "Лінію Сталіна". Рэстаўрацыяй паравоза да першароднага стану займаліся спецыялісты лакаматыўнага дэпо Крычаў. Рэстаўратары стварылі макеты броневагонаў, абсталяваныя вежамі танка Т-34 і кулямётамі Максіма, а таксама адкрытую баявую пляцоўку з 37-мм аўтаматычнай зенітнай гарматай і ўсталёўкай рэактыўных мінамётаў БМ-8. Апроч гэтага, былі ўзноўлены аб'екты чыгуначнай інфраструктуры, па стылі максімальна набліжаныя да эпохі 40-х гадоў ХХ стагоддзі.
 
Для ўсіх прысутных адбылася вайскова-гістарычная рэканструкцыя бою ў ліпені 1941 года паблізу станцыі «Савецкая». Юныя чыгуначнікі, стаіўшы дыханне, назіралі, як па чыгунцы рушыў сапраўдны бронецягнік. У небе круціў самалёт, грукаталі танкі, то тут, то там былі чутныя выбухі. І ад гэтага ўвесь час было адчуванне сапраўдных баявых дзеянняў.
 
На  заканчэнне рэканструкцыі бою адбыўся ўрачысты мітынг. Адкрыў мітынг начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў. Звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, Уладзімір Міхайлавіч падкрэсліў, што экспазіцыя – гэта помнік пакаленню ветэранаў, якія прайшлі складаны, гераічны шлях, бо ў гады вайны чыгуначнікі неслі не толькі працоўную, але і баявую вахту.
Юныя чыгуначнікі мелі ўнікальную магчымасць пагутарыць з ганаровымі гасцямі свята - Міністрам абароны Рэспублікі Беларусь Андрэем Раўковым, Міністрам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігарам Шуневічам.
 
Права адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў гонар працоўнага і ратнага подзвігу ўсіх пакаленняў воінаў і працаўнікоў чыгуначнага транспарта Беларусі было пададзена ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, Ганароваму чыгуначніку Берасневу Сямёну Еўдакімавічу і старшыні савета  юных чыгуначнікаў Паўлу Макаранку, што, зразумела, стала знакам пераемнасці пакаленняў.
Хвілінай маўчання ўсе прысутныя ўшанавалі памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны чыгуначнікаў, пасля чаго адбылося ўрачыстае ўскладанне вянкоў да мемарыяльнай дошкі, усталяванай  на борце бронецягніка.
 
Для юных чыгуначнікаў была арганізавана экскурсія па гісторыка-культурным комплексе і частаванне смачнай салдацкай кашай.
Ва ўсіх прысутных на мерапрыемстве адзіная думка: стварэнне чыгуначнай экспазіцыі ў гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна» — даніна глыбокай пашаны ўсім пакаленням  працаўнікоў  чыгуначнага транспарта Беларусі.
 
Да спісу навін за 2018 год