Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі

Афганістан - жывая памяць.

06 сакавіка 2019

У памяць пра воінаў-інтэрнацыяналістаў і ў сувязі з 30-годдзем вываду абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў з Рэспублікі Афганістан у зале гісторыі Мінскага аддзялення чыгункі адбылася сустрэча юных чыгуначнікаў з воінам-інтэрнацыяналістам, удзельнікам баявых дзеянняў у Афганістане, старэйшым электрамеханікам Мінскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Валатовічам Сяргеем Пятровічам і членамі групы ваенна-гістарычных рэканструкцый баявых дзеянняў савецкіх войскаў у Афганістане «Шураві» - Віталем Ваяводавым і Аляксеем Савічам.

Прагляд  ваенных фота і кінахронікі пра баі ў Афганістане нікога з прысутных не пакінуў  абыякавым. Юныя чыгуначнікі, затаіўшы дыханне слухалі аповяд Валатовіча Сяргея Пятровіча пра свой баявы шлях: у якім палку служыў і якія баявыя заданні выконваў, знаходзячыся на вайсковай службе ў Афганістане. Рабяты задавалі шмат пытанняў пра  перажытыя падзеі, даведаліся, як гэта - пабываць на сапраўднай вайне.

Ўспомнілі пра  герояў  афганскай вайны- камандзіра сапёрнага ўзвода, старэйшага сяржанта Мікалая Чэпіка (да прызыву ў рады Савецкай Арміі працаваў манцёрам ў Мінскай дыстанцыі пуці Беларускай чыгункі) і гвардыі радавога  Аляксандра Ладуцька (да прызыву ў рады Савецкай Арміі працаваў памочнікам машыніста ў лакаматыўным дэпо Мінск). Пры выкананні баявога задання яны геройскі загінулі ў баі з маджахедамі.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета ад 28 красавіка 1980 года старэйшаму сяржанту Чэпіку Мікалаю Пятровічу было прысвоена Званне Героя Савецкага Саюза (пасмяротна). Iмя Мікалая Чэпіка носіць  электрацягнік серыі ЭР9Т- 700 прыпіскі маторвагоннага дэпо Мінск. Iмя Аляксандра Ладуцька  носіць электравоз ЧС4т - 600 прыпіскі лакаматыўнага дэпо Мінск.

Памяць пра гэтых герояў і ўсіх салдат, якія не вярнуліся з афганскай вайны, ўшанавалі хвілінай маўчання.

Аб дзейнасці групы ваенна-гістарычных рэканструкцый баявых дзеянняў савецкіх войскаў у Афганістане «Шураві», якая была створана пры дабрачынным фондзе дапамогі воінам - інтэрнацыяналістам «Памяць Афгана» на гісторыка-культурным комплексе "Лінія Сталіна», распавялі Віталь Ваяводаў і Аляксей Савіч. Гэта захопленыя і ініцыятыўныя хлопцы, якіх аб'ядноўвае ідэя ўшанавання памяці герояў афганскай вайны. Хочацца адзначыць, што яны зусім нядаўна былі самі юнымі чыгуначнікамі. Свой аповяд  Віталь і Аляксей суправаджалі паказам фотаздымкаў рэканструкцый баявых дзеянняў на лініі Сталіна, прадэманстравалі ваенную форму, амуніцыю і муляжы зброі часоў афганскай вайны, распавялі шмат цікавых фактаў з гісторыі ваенных дзеянняў у Афганістане, што выклікала вялікую цікавасць у юных чыгуначнікаў.

Сустрэча зрабіла незабыўнае ўражанне і знайшла водгук  у сэрцы кожнага з рабят, бо ў іх з'явілася унікальная магчымасць сутыкнуцца з ваеннай гісторыяй.

Але галоўнае, што засвоілі юныя чыгуначнікі - нельга забываць Афганскую трагедыю, памятаць пра тых, хто сумленна выконваў свой доўг, рызыкаваў жыццём дзеля міру на зямлі. 

Да спісу навін за 2019 год