Закрыццё 64-га сезона на дзіцячай магістралі.
24 верасня 2019
У гэты дзень на станцыі Заслонава заўсёды вельмі ажыўлена і святочна. Юныя чыгуначнікі рыхтуюцца да пачатку лінейкі, а іх бацькі і сябры - надзейная група падтрымкі ў такі адказны момант.
Сярод гасцей - выпускнікі дзіцячай магістралі розных гадоў, для якіх закрыццё сезона заўсёды застаецца важнай падзеяй у іх жыцці. Яны дзеляцца сваімі ўспамінамі, а іх за гады навучання на дзіцячай чыгунцы нямала.
І вось гучыць «Гімн Беларускай чыгункі". Урачыстая лінейка аб'яўляецца адкрытай. З паспяховым завяршэннем сезону павіншаваў усіх прысутных першы намеснік начальніка Мінскага аддзялення чыгункі Шаўчэнка Уладзімір Фёдаравіч. Ён уручыў лепшым юным чыгуначнікам Ганаровыя граматы ад кіраўніцтва Мінскага аддзялення і падзякаваў усяму калектыву дзіцячай магістралі за выдатную, зладжаную працу. Уладзімір Фёдаравіч выказаў надзею, што атрыманы вопыт дапаможа рабятам ў будучыні, калі яны прыйдуць працаваць на Беларускую чыгунку.
Пры падвядзенні вынікаў сезона летняй практыкі юныя чыгуначнікі, якія паказалі выдатныя вынікі ў тэарэтычнай, практычнай падрыхтоўцы і прынялі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, былі ўзнагароджаны знакам «Выдатнік Дзіцячай чыгункі». Усе выпускнікі атрымалі памятныя дыпломы аб заканчэнні навучання на дзіцячай магістралі, а самыя ініцыятыўныя і працавітыя рабяты з ліку выпускнікоў былі ўзнагароджаны памятнымі гадзіннікамі ад начальніка Дзіцячай чыгункі.
Пераможцам конкурсу «Лепшы па прафесіі» уручылі граматы і нагрудныя значкі. Памятнымі дыпломамі былі адзначаны самыя цікавыя творчыя работы ўдзельнікаў фотаконкурсу «Мой родны кут, як ты мне мiлы», прысвечанага Году малой Радзімы. Граматамі і падзякамі ўзнагародзілі юных чыгуначнікаў за высокія паказчыкі ў ходзе тэарэтычнага і практычнага этапаў навучання, а таксама за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і асабісты ўклад у развіццё дзіцячай магістралі.
Лепшай зменай сезону і пераможцам футбольнага турніру 2019 сярод юных чыгуначнікаў стала змена №4. Пераходзячы вымпел і дыплом былі ўручаны начальніку змены Паліне Міхалькевіч і інструктару Святлане Марутко.
Са словамі падзякі да юных чыгуначнікаў звярнуўся начальнік Дзіцячай чыгункі Савіч Валерый Віктаравіч. Ён пажадаў дзецям моцнага здароўя, верных сяброў і ніколі не змяняць сваёй мары. І гэтую мару - стаць чыгуначнікам - ажыццявілі 20 з 46 выпускнікоў Дзіцячай чыгункі. У гэтым годзе рабяты сталі студэнтамі чыгуначных навучальных устаноў Мінска, Брэста, Гомеля, Оршы.
Па традыцыі, на момант закрыцця летняй практыкі, юныя чыгуначнікі выканалі гімн Дзіцячай чыгункі. Яркім музычным выступленнем дарослых і дзяцей павіншаваў Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь «Гарэзныя агеньчыкі» сталічнага Культурна-спартыўнага цэнтра чыгуначнікаў.
У гэты ўрачысты дзень зала чакання вакзала стала сапраўднай канцэртнай залай, дзе з вялікім поспехам прайшла святочная канцэртная праграма, падрыхтаваная творчай групай юных чыгуначнікаў.
Завяршылася свята вясёлай дыскатэкай.
Як заўсёды, 64-ы сезон выдаўся плённым. У перыяд з 1 мая па 22 верасня паслугамі Дзіцячай чыгункі скарысталіся больш за 45 тысяч пасажыраў.