Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі

Закрыццё юбілейнага сезону на дзіцячай магістралі

29 верасня 2020

20.09.2020 года на Дзіцячай чыгунцы ім. К. С. Заслонава завяршыўся 65-ы юбілейны сезон руху цягнікоў.

Гэты дзень заўсёды асаблівы і вельмі хвалюючы для выхаванцаў дзіцячай магістралі, іх сяброў, бацькоў і, вядома, для ўсяго калектыву дзіцячай дарогі. Цёплы восеньскі каларыт напоўніў свята адценнямі радасці і лёгкага суму.

Юныя чыгуначнікі сталі ўздоўж перона станцыі Заслонава, каб сустрэць і павітаць дружнымі апладысментамі апошні цягнік адыходзячага сезона.

Прагучалі фанфары, і ўрачыстую лінейку, прысвечаную закрыццю сезона, абвясцілі адкрытай. Начальнікі зменаў юных чыгуначнікаў здаюць рапарт аб гатоўнасці да падвядзення вынікаў летняй паяздной практыкі.

Як заўсёды сезон прайшоў плённа, на высокім прафесійным узроўні. Пераможцам конкурсу «Лепшы па прафесіі» былі ўручаны памятныя падарункі, дыпломы і значкі. Юныя чыгуначнікі, якія паказалі выдатныя вынікі ў тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўцы, а таксама прынялі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці былі ўзнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік Дзіцячай чыгункі» і  памятнымі падарункамі. Свае ўзнагароды атрымалі пераможцы конкурсу малюнка і фатаграфіі, прысвечанага 65-годдзю дзіцячай магістралі.

Для многіх юных чыгуначнікаў гэты юбілейны год стаў выпускным. 35 хлопчыкаў і дзяўчынак атрымалі дыпломы аб заканчэнні навучання на Дзіцячай чыгунцы, 12 з іх ужо паступілі ў профільныя навучальныя ўстановы, трое - сталі студэнтамі БелДУТ. Найлепшыя з ліку выпускнікоў былі ўзнагароджаны памятнымі гадзіннікамі ад начальніка малой Беларускай Савіча Валерыя Віктаравіча. Скончылася дзяцінства, наперадзе дарослае жыццё, а магістраль-узкакалейка назаўжды застанецца ў сэрцы кожнага выпускніка, як светлы астравок надзеі і мары.

Валерый Віктаравіч павіншаваў рабят з ўзнагародамі і завяршэннем сезону, пажадаў усім моцнага здароўя, верных сяброў і ніколі не змяняць сваёй мары.

Сярод юных чыгуначнікаў вельмі шмат таленавітых рабят. І ў гэты ўрачысты дзень яны падарылі ўсім прысутным свае музычныя выступленні разам з юнымі артыстамі заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь «Гарэзныя агеньчыкі» Культурна-спартыўнага цэнтра Мінскага аддзялення чыгункі.

Па традыцыі начальнік малой Беларускай абвясціў аб заканчэнні юбілейнага 65-га сезона руху цягнікоў, і юныя чыгуначнікі выканалі гімн Дзіцячай чыгункі.

Сезон скончаны, да пабачэння, Заслонава! Да спісу навін за 2020 год