Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі

Конкурс "Свята ўраджаю -2020" на Мінскім аддзяленні чыгункі

21 верасня 2020

Штогод у вераснёўскія дні на базе Культурна-спартыўнага цэнтра праводзіцца конкурс «Свята ўраджаю» сярод работнікаў і ветэранаў структурных падраздзяленняў УП «Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі». Прайшлi працоўныя будні на дачных участках, у палях і садках, засекі поўныя запасамі - і як тут не падзяліцца сваёй радасцю?

У гэтым годзе конкурс «Свята ўраджаю – 2020» праводзіўся 14 верасня. З раніцы Культурна-спартыўны цэнтр стаў напаўняцца восеньскімі дарамі. Сваю "абрус-самабранку" першымі прэзентавалі прадстаўнікі Мінскай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў.

Якой прыгажосці тут толькі не было! Памазкова Святлана стала пераможцам у намінацыі "Лепшы кветкавод". Празароўская Таццяна здзівіла ўсіх сваім "цуд гароднінай" (скрыжаваная дыня з агурком), а таксама вырашчанай у няпростых умовах надвор'я паўднёвай ягадай – кавуном. "Найлепшым садоўнікам" у конкурсе стала Ляпешка Вольга, якая выгадавала багаты ўраджай садавіны і здзівіла гасцей кансервацыяй, а Ніна Герасімовіч арыгінальна прадставіла кампазіцыі з агародніны ў выглядзе "вясёлай сямейкі" з бульбы, "пінгвінчыкаў" з баклажанаў, "марожанага" з каляровай капусты, "чарапахі " з патысона.

Прадстаўнікі станцыі Орша Андрэй Трыбуль, Святлана Чарнышова, Дайнэка Анастасія частавалі членаў журы і гасцей свята саленнямі, варэннем, выпечкай, захаплялі мноствам лячэбных траў. Анастасія стала пераможцам у намінацыі "Пальчыкі абліжаш".

Экспазіцыя, прадстаўленая ўдзельнікамі станцыі "Мінск-Пасажырскі", выклікала захапленне не толькі ў прысутных, але і ў членаў журы – яны назвалі яе лепшай. Іх крэатыўную задумку адзначылі ўсе. Святлана Жураў прадэманстравала шыкоўныя букеты з садавіны і агародніны і стала пераможцам у намінацыі "Прыродная майстэрня". Бусько Надзея, якая заняла 3 месца ў намінацыі "Лепшы агароднік" на кожны свой экспанат прыдумала верш. Бурая Ірына кожную сваю гародніну аформіла ў выглядзе "вясёлых чалавечкаў", а Пірожкіна Наталля парадавала смачнай выпечкай.

Сваім багаццем гародніны, вырашчанай з насення, прывезенага з розных краін свету, здзівіла членаў журы і гледачоў удзельніца лакаматыўнага дэпо Мінск Іонава Вольга, якая атрымала 1 месца ў намінацыі «Лепшы агароднік». Яе калега Шарамет Ганна не менш уразіла ўсіх прысутных арыгінальнымі ідэямі выпечкі -торт у выглядзе будынка лакаматыўнага дэпо, печыва ў выглядзе грыбочкаў, арэшкаў, кляновых лісточкаў і розачак. Гецман Пётр пры афармленні экспазіцыі дэпо стварыў кампазіцыю ў выглядзе Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, выкананую з журавін і кавалачкаў зялёнага перцу.

Здзіўленне і захапленне прысутных выклікалі ідэі ўсіх удзельнікаў, кожны з якіх быў адзначаны памятным падарункам. Свята дапоўніў канцэрт, падрыхтаваны артыстамі сталічнага Культурна-спартыўнага цэнтра.

Да спісу навін за 2020 год