Карысныя канікулы
07 красавіка 2021
Традыцыйна ў перыяд вясновых канікул на Дзіцячай чыгунцы ім.К.С.Заслонава прайшлі мерапрыемствы прафарыентацыйнай накіраванасці з улікам інтарэсаў юных чыгуначнікаў.
29.03.2021 года для выхаванцаў дзіцячай магістралі была арганізавана экскурсія ў Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж чыгуначнага транспарту імя А.П. Юшкевіча.
Аб напрамках дзейнасці каледжа, арганізацыі навучальнага працэсу, умовах паступлення і новых спецыяльнасцях рабятам распавяла майстар вытворчага навучання Карачун Святлана Леанідаўна. У юных чыгуначнікаў заўсёды шмат пытанняў, бо многія з іх мараць паступіць у каледж і звязаць сваю працоўную дзейнасць з чыгункай.
Святлана Леанідаўна правяла рабят па класах, лабараторыям і майстэрням навучальнай установы. Юныя чыгуначнікі пазнаёміліся з тэхнічным і наглядным абсталяваннем кожнай аўдыторыі, выкарыстоўвалі на практыцы свае веды пры кіраванні вучэбным трэнажорам машыніста электравоза ВЛ80С. Святлана Леанідаўна адзначыла, што для ўмелага і правільнага абыходжання з сучасным абсталяваннем патрэбныя вельмі глыбокія веды, дакладнасць у працы і дысцыплінаванасць, бо чыгуначнікі адказныя за жыццё людзей і захаванасць грузаў.
Галоўнае, што засвоілі юныя чыгуначнікі - выбар прафесіі павінен быць усвядомленым. Ад гэтага залежыць усё жыццё.
Прафарыентацыйныя сустрэчы працягнуліся ў лакаматыўным дэпо Мінск. 30.03.2021года юныя чыгуначнікі наведалі найбуйнейшае шматпрофільнае рамонтна-эксплуатацыйнае прадпрыемства Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі.
Аглядную экскурсію па тэрыторыі прадпрыемства правёў машініст-інструктар Аляксандр Ісакаў. Ён распавёў аб асноўных задачах дэпо, аб прынцыпах забеспячэння перавозачнага працэсу, эксплуатацыі і арганізацыі рамонту цягавага рухомага складу.
Рабятам прадставілася магчымасць пабываць у рамонтных цэхах, назіраць за працай манеўровага цеплавоза, паваротнага круга, пазнаёміцца з працай аператара дэпо, пагутарыць з інструктарам-машыністам, адказным за якасць прафесійнай падрыхтоўкі лакаматыўных брыгад.
З вялікай цікавасцю юныя чыгуначнікі сачылі за расшыфроўкай касет сістэмы КЛУБ пасля паездкі лакаматыўнай брыгады. У адным з навучальных класаў рабятам паведамілі аб працэсе падрыхтоўкі машыністаў на трэнажорных комплексах электравоза ВЛ80с і цеплавоза ТЭП70БС на базе ПЭВМ.
У кабінеце перадрэйсавага агляду лакаматыўных брыгад юныя чыгуначнікі даведаліся, як праводзіцца комплексная ацэнка фізічнага, псіхалагічнага і эмацыйнага стану работнікаў лакаматыўных брыгад.
Затым рабяты азнаёміліся з тэхнічнымі характарыстыкамі і канструкцыяй дызель-цягніка польскай кампаніі PESA і манеўровага цеплавоза ТМЭ2.
Гонар дэпо - народны музей рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы, дзе сабрана ўнікальная экспазіцыя па гісторыі чыгункі і лакаматыўнага дэпо Мінск. Кіраўнік Музея Лапіцкая Яўгенія Аляксандраўна правяла для юных чыгуначнікаў экскурсію па ўсіх раздзелах гістарычнай экспазіцыі. Займальны аповяд экскурсавода, цікавыя экспанаты завалодалі увагай рабят. Яны не толькі слухалі, але і актыўна адказвалі на пытанні, прадэманстраваўшы добрыя веды ў галіне гісторыі чыгункі і чыгуначнай тэхнікі.
На нашай Дзіцячай чыгунцы ёсць яшчэ адна традыцыя - перад пачаткам паяздной практыкі прыводзіць у парадак прылеглую тэрыторыю. 31 сакавіка і 1 красавіка 2021 года быў арганізаваны працоўны дэсант.
Дружна, з вясёлым настроем ўвесь калектыў Дзіцячай чыгункі і юныя чыгуначнікі выйшлі на ўборку тэрыторыі і чыгуначнага шляху на кальцы станцыі Заслонава і перагоне Заслонава - Піянерская, каб родная магістраль-вузкакалейка была гатовая да пачатку летняга сезону руху цягнікоў.
Вось такія карысныя атрымаліся ў нас канікулы! Да спісу навін за 2021 год