Вясёлая пара адкрыццяў і добрых спраў
06 ліпеня 2021
Лета - выдатная пара для цікавых спраў, вясёлых задум, яркіх разнастайных падзей. Акрамя паспяховага праходжання летняй паяздной практыкі юныя чыгуначнікі Дзіцячай чыгункі ім. К.С.Заслонава актыўна ўдзельнічаюць у творчых і спартыўных мерапрыемствах.
Пазнавальна і з карысцю прайшла экскурсія юных чыгуначнікаў у першы ў Беларусі музей авіяцыйнай тэхнікі пад адкрытым небам імя двойчы Героя Савецкага Саюза Сяргея Грыцаўца (пасёлак Баравая, Мінскі раён). Рабятам прадставілася ўнікальная магчымасць пабываць у кабінах лятальных апаратаў, кіраваць штурвалам, перамыкаць рычагі і націскаць кнопкі - адчуць сябе сапраўднымі пілотамі. У экспазіцыі музея прадстаўлены больш за 30 відаў і класаў авіятэхнікі ваеннай і грамадзянскай авіяцыі. Юныя чыгуначнікі азнаёміліся з тэхнічнымі характарыстыкамі і гісторыяй кожнага экспаната, даведаліся шмат цікавых фактаў аб авіяцыйнай тэхніцы.
Вялікую цікавасць у рабят выклікала касмічная частка экспазіцыі, размешчаная ў павільёне «Космас». З вялікім захапленнем яны разглядалі спушчальны апарат касмічнага карабля "Саюз", які вяртае людзей на зямлю, скафандры, узнагароды, літаратуру на тэму космасу, ўзоры касмічнай ежы, рэчы і прадметы беларускіх касманаўтаў, у тым ліку сябра юных чыгуначнікаў - лётчыка-касманаўта Алега Навіцкага. Яшчэ рабяты даведаліся, што на касмадроме Байканур ёсць чыгунка для перавозкі ракетаносьбітаў і спадарожнікаў на стартавую пляцоўку.
У мэтах папулярызацыі фізкультуры і спорту, а таксама фарміравання здаровага ладу жыцця падлеткаў на дзіцячай магістралі адбыўся традыцыйны футбольны турнір сярод спартыўных каманд змен юных чыгуначнікаў. Рабяты з нецярпеннем чакалі гэтую сустрэчу. З першых жа матчаў стала ясна, што каманды настроены рашуча: хуткі тэмп гульні, выразныя перадачы, спартыўная вытрымка, рашучасць, баявы азарт, яркія эмоцыі і вострыя моманты. Усе імкнуліся паказаць добрую гульню, але ва ўпартай барацьбе перамагла каманда змены №4 (інструктар Блізнюк І.В.). Спартыўнае свята прайшло цікава і дынамічна, і, як заўсёды, перамагла сапраўдная дружба!
На працягу чэрвеня на дзіцячай чыгунцы праходзіў майстар-клас «Цуды сваімі рукамі». Юныя чыгуначнікі вырабілі незвычайныя і дзіўныя падзелкі, якімі ўпрыгожылі і разнастаілі лясную паляну на станцыі Сасновы бор нашай магістралі. Гэтая незвычайная, дзівосная, казачная экспазіцыя зацікавіла і не пакінула раўнадушным ні аднаго пасажыра.
Вось такім яркім і насычаным стаў для юных чыгуначнікаў першы месяц лета.
Да спісу навін за 2021 год