Калейдаскоп яркіх падзей
19 ліпеня 2021
Пачатак ліпеня на Дзіцячай чыгунцы ім.К.С.Заслонава быў насычаны цікавымі і грамадска значнымі падзеямі.
Па традыцыі ярка і весела дзіцячая магістраль сустрэла Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. На пероне станцыі Заслонава гасцей малой Беларускай сустракалі роставыя лялькі Несцерка і Паўлінка. Яны запрашалі дарослых і дзяцей паглядзець канцэртную праграму з удзелам лепшых творчых калектываў Культурна-спартыўнага цэнтра Мінскага аддзялення чыгункі.
У будынку вакзала пасажыры з задавальненнем рабілі сэлфi ў фотазоне, аформленай у нацыянальным беларускім стылі.
У зале чакання вакзала дарослыя і дзеці з вялiкай цікавасцю маглі назіраць дзеючы макет чыгункі і пад кіраўніцтвам выхаванцаў малой Беларускай кіраваць цягніком на гульнявым модулі.
Увазе пасажыраў была прадстаўлена выстава малюнкаў дзяцей чыгуначнікаў Мінскага аддзялення чыгункі і калекцыя аўтарскіх лялек Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа чыгуначнага транспарту імя Е.П.Юшкевіча.
У «Сталічным экспрэсе» дзіцячай магістралі пасажыры прымалі актыўны ўдзел у канцэртнай праграме, арганізаванай творчай групай з ліку юных чыгуначнікаў. Разам з рабятамі, апранутымі ў нацыянальныя касцюмы, дарослыя і дзеці з захапленнем выконвалі пад баян песні «Белая Русь», «Песню пра Мiнск», «Блакітны вагон» і іншыя. Пасажыры таксама прынялі ўдзел у віктарыне, пытанні якой тычыліся тэматыкі культурнай спадчыны і гісторыі Рэспублікі Беларусь.
Свята нікога не пакінула абыякавым. Нягледзячы на капрызы надвор'я на Дзіцячай чыгунцы панавала цёплая і сяброўская атмасфера.
Напярэдадні Дня чыгуначніка і да 80-годдзя пачатку Другой Сусветнай вайны юныя чыгуначнікі наведалі гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна». Патрыятычнае выхаванне і павага да гісторыі нашай Радзімы заўсёды з'яўляліся адметнай рысай працы з падрастаючым пакаленнем на Дзіцячай чыгунцы им.К.С.Заслонова.
У ходзе экскурсіі юныя чыгуначнікі даведаліся пра гісторыю стварэння гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна». Яго асноўнай задачай з'яўлялася прыкрыццё заходніх межаў Савецкага Саюза і важнага эканамічнага, палітычнага і транспартнага вузла – горада Мінска.
Рабяты з вялікай цікавасцю агледзелі адрэстаўраваныя доты (доўгачасовыя агнявыя кропкі) з размешчанымі там артылерыйскімі баявымі разлікамі, кулямётамі, снарадамі, прайшлі па траншэях і змаглі ўявіць, як падчас баявых дзеянняў па іх перасоўваліся салдаты. Юных чыгуначнікаў вельмі зацікавіў ўчастак мяжы з яе элементамі і сістэмамі абароны, а таксама КСП (кантрольна-следовая паласа), на якой бачныя сляды парушальнікаў, памежныя слупы часоў СССР і Рэспублікі Беларусь у цяперашні час. Рабяты азнаёміліся з вялікай экспазіцыяй ваеннай тэхнікі, артылерыі, авіяцыі, змаглі самі кіраваць зенітнай прыладай.
Асаблівую цікавасць у юных чыгуначнікаў выклікала экспазіцыя чыгуначнай тэхнікі ваенных гадоў, прысвечаная ратнаму подзвігу воінаў-чыгуначнікаў. Цэнтральным аб'ектам экспазіцыі з'яўляецца адноўлены бронецягнік часоў Вялікай Айчыннай вайны, які складаецца з браніраванага паравоза серыі ЭМ пабудовы 1933 года, двух броневагонаў і баявой платформы з зенітнай гарматай. З веданнем справы юныя чыгуначнікі разглядалі ручны стрэлачны пераклад, механічны шлагбаўм на пераездзе, а таксама мелі магчымасць пракаціцца на ручной дрызіне.
Па заканчэнні экскурсіі ўсе падзяліліся сваімі ўражаннямі і адзначылі, якое важнае значэнне меў чыгуначны транспарт у час Вялікай Айчыннай вайны, як ваявалі і здзяйснялі свае подзвігі воіны-чыгуначнікі, набліжаючы разам з усім народам доўгачаканы Дзень Перамогі.
9 ліпеня Дзіцячая чыгунка ім. К.С. Заслонава адзначыла свой 66-ы дзень нараджэння. У гэты дзень юныя чыгуначнікі ў правядзенні экскурсій надалі асаблівую ўвагу гісторыі стварэння і развіцця дзіцячай магістралі. Пасажыры ад душы віншавалі калектыў дзіцячай чыгункі і юных чыгуначнікаў са святам і жадалі моцнага здароўя, маладога запалу, творчых поспехаў, а магістралі-вузкакалейцы – далейшага працвітання. Да спісу навін за 2021 год