Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі

Лёс дарогі ў лёсе людзей

29 кастрычніка 2021

28 кастрычніка ў Доме культуры чыгуначнікаў г.Орша адбыўся вечар-сустрэча «Лёс дарогі ў лёсе людзей» і ўшанаванне працоўных дынастый структурных падраздзяленняў Аршанскага чыгуначнага вузла, прысвечанае 150-годдзю чыгуначных зносін Масква - Брэст. Ва ўтульнай абстаноўцы прадстаўнікі дынастый расказвалі пра жыццё і працоўную дзейнасць прадстаўнікоў усіх пакаленняў.

Беражліва захоўваецца ў дынастыі Базылевых сярод старажытных дакументаў пасведчанне радавога Жукоўскага Мікалая Мікітавіча ад 1948 года аб узнагароджанні памятным медалём «ХХХ гадоў Савецкай арміі і Флота».

Сярод дакументаў, грамат і медалёў у сям'і Сімаковых асаблівае месца выдзелена грамаце 1971 года, уручанай Валянціне Мікалаеўне за дасягнутыя поспехі ў спаборніцтве ў гонар Усесаюзнага Дня чыгуначніка.

Асабліва значны для сям'і Агеенкі гадзіннік з гравіроўкай да 125-годдзя Беларускай чыгункі, уручаны Аляксандру Аляксеевічу кіраўніцтвам Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі.

З вялікай павагай ставіцца сям'я Паршыкавых да двух старых фотапартрэтаў, з якіх глядзяць заснавальнікі іх дынастыі: Багданава Ганна Васільеўна і Багданаў Васіль Паўлавіч.

Старадаўні ліхтар пуцявога абходчыка сям'і Савасценак выклікаў вялікую цікавасць ва ўсіх прысутных у зале.

Цікавым момантам вечара для ўсіх былі адказы на пытанні што ляжыць у «чорнай скрыні». Падказка ветразны карабель, якую падрыхтавалі арганізатары вечара, дапамагла адказаць прадстаўніку дынастыі Базылевых пра кнігу паэзіі М.Ю.Лермантава. Паршыкаў Віктар Барысавіч прыйшоў на імпрэзу са сваім унукам Паўлам, якому перадае навыкі сталярнай справы. І адказ выцякаў сам сабой, што ў «чорнай скрыні» - гэбель. Валянціна Мікалаеўна Сімакова адразу адказала на відэа-пытанне, падрыхтаванае яе ўнучкай Алесяй, што ў «чорнай скрыні» ляжаць абеды, якія бралі чыгуначнікі ў мінулыя гады. Музычнае пытанне з «чорнай скрыні» дасталася прадстаўнікам дынастыі Савасценак. Адказ быў просты: песні пад гітару заўсёды жаданы любому пакаленню. З дынастыі Агеенка на пытанне "чорнай скрыні" адказаў самы малодшы прадстаўнік дынастыі - Марк, якому ўсяго 3 гады. Ён марыць насіць чыгуначную фуражку і хоча стаць машыністам.

Прыемным момантам было віншаванне і ўручэнне падарункавых сертыфікатаў ад памочніка начальніка Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі Шурава Сяргея Аляксандравіча. Калектывы Дома культуры чыгуначнікаў: студыя сольных спеваў «Кантылена» (мастацкі рук. Таццяна Шук), Узорны ансамбль танца «Ві-за-ві» (мастацкі рук. Алеся Васілеўская), Тэатр танца (мастацкі рук. Ірына Сенчыла), студыя эстраднай песні «Онікс» (мастацкі рук. Алена Пшавальская), Узорны цыркавы калектыў «Феерыя» (мастацкі рук. Алена Жаўненка) дарылі свае творчыя падарункі. У зале прысутнічалі студэнты Аршанскага каледжа – філіяла УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту», якія падрыхтавалі свой творчы падарунак – песню пра чыгунку і вершы. Фіналам вечара стала сумеснае выкананне ўдзельнікамі і гледачамі канцэрта песні «Матухна – чыгунка».

Да спісу навін за 2021 год