Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі

Мой лёс - мая станцыя

13 лютага 2017

Не кожны чалавек можа ганарыцца тым, што знайшоў у жыцці сваё месца і прызначэнне. Уладзіміру Аляксандравічу пашанцавала. Ён дакладна выбраў і прафесію, і месца працы. Можа, таму ў яго працоўнай кніжцы толькі запісы са станцыі Мінск-Пасажырскі. Прыйшоў ён сюды ў 1978 годзе адразу ж пасля службы ў войску.
- Начальнікам станцыі ў той час працаваў Сяргей Пятровіч Касцюковіч. Чалавек строгі, але справядлівы. Ён лічыў, што ў руху павінны працаваць у асноўным мужчыны. І ў нейкай меры быў праў, бо праца гэта нялёгкая, - успамінае Уладзімір Рыгоравіч.
Зрэшты, тое, што на чыгунцы патрэбныя працавітасць і цягавітасць, ён зразумеў яшчэ падчас вучобы ў аршанскім галіновым тэхнікуме. Яго, маладога і нявопытнага, накіравалі на практыку на станцыю Мінск-Таварны (цяпер Мінск-Сартавальны) стрэлачнікам. Гэта было ў 1975 годзе. На дарозе толькі пачынала ўкараняцца электрычная цэнтралізацыя, таму амаль усюды стрэлкі пераводзілі пакуль ўручную - курбелем. Зробіш 65 абаротаў у адзін бок і столькі ж у іншую, дадому прыходзіш - ні рук, ні ног не адчуваеш. Але цяжкасці Уладзіміра Аляксандравіча не палохалі. Хутчэй, наадварот, прымушалі расці ў прафесіі. Дарэчы, удасканальваць майстэрства працаўніка службы руху яму дапамагла вайсковая служба. Ці то выпадкова, ці то так распарадзіўся лёс, але трапіў Рыгоравіч ў чыгуначныя войскі. Спачатку служыў у Петрадварце, затым у Манголіі. Быў дзяжурным па станцыі Эрдэнэт, якая абслугоўвае найбуйнейшы ў Азіі горна-абагачальны камбінат. Побач з ім будаваўся горад. На станцыі прымалі вагоны з пяском, жвірам, будматэрыяламі. Вопыт, атрыманы за гэтыя два гады, вельмі спатрэбіўся Уладзіміру Аляксандравічу на радзіме.
 
Ужо ў Беларусі ён два гады працаваў дзяжурным па парку станцыі Мінск-Пасажырскi, затым - дзяжурным па станцыі. У 1988 годзе прызначаны памочнікам начальніка станцыі па бяспецы руху, а з 1992 -га - начальнікам вакзала. За чвэрць стагоддзя на гэтай пасадзе шмат чаго давялося перажыць - рэканструкцыю самога будынка, будаўніцтва канкорса. Цяжкасцяў хапала, але перамены Уладзіміра Аляксандравіча толькі радавалі.
 
- Гэта адзін з самых лепшых перыядаў у маім жыцці. У наяўнасці былі рэальныя вынікі працы, - кажа ён.
Зрэшты, справы пра Рыгоравіча кажуць красамоўней слоў. Ён заўсёды клапаціўся ў першую чаргу пра камфорт пасажыраў і пра дабро магістралі. Сёння чыгуначнік з усмешкай успамінае гісторыю, якая ў тыя гады, можна сказаць, змяніла ўсю тарыфную палітыку дарогі.
 
- Аднойчы адна з білетных касіраў спытала мяне, што за горад такі - Слаўнае? І патлумачыла: пасажыры, якія едуць у напрамку Воршы, бяруць квіток да гэтага населенага пункта. Сам я родам з Талачынскага раёна, таму добра ведаў і станцыю Слаўнае, і аднайменную вёску. Насельніцтва там крыху, адкуль жа тады такі пасажырапаток? - Успамінае Уладзімір Аляксандравіч. - Аказалася, справа ў тарыфах: да Слаўнага дзейнічаў прыгарадны тарыф, далей - пасажырскі. Прааналізаваўшы сітуацыю, я вырашыў звярнуцца да начальніка дарогі (у той час ім быў Яўген Іванавіч Валадзько) з прапановай зраўнаваць тарыф. І маю ініцыятыву прынялі.
 
Да кіраўніцтва магістралі Уладзіміру Аляксандравічу давялося звяртацца яшчэ раз - ужо з нагоды падзелу камісійнага збору ў міжнародным і рэспубліканскіх зносінах. Ідэю зноў падтрымалі - пераканалі разлікі Рыгоравіча. Прычым гэта рашэнне дзейнічае і сёння - ужо амаль дваццаць гадоў.
 
Усе, хто ведае Уладзіміра Аляксандравіча, перакананыя: за строгім характарам хаваецца справядлівы і чулы чалавек. Інтэлігентны, ўдумлівы і энергічны, ён заўсёды карыстаўся безумоўнай павагай. Не толькі калектыву станцыі Мінск-Пасажырскі, але і кіраўніцтва аддзялення дарогі. А яго заслугі пацвярджаюць шматлікія галіновыя і дзяржаўныя ўзнагароды. Зрэшты, умелы кіраўнік на працы, ён і ў сям'і - сапраўдны гаспадар. Уладзімір Рыгоравіч перакананы, што зносіны з прыродай дае чалавеку велізарны зарад энергіі. Таму ўлетку ўвесь вольны час ён праводзіць на лецішчы. З павагай адносіцца да сапраўднай дружбы.
 
- Прыемна, калі тваю працу бачаць і шануюць, - кажа ён. - Усе сілы аддаю ей. Па-іншаму на чыгунцы нельга. У справу трэба ўкладаць душу.
 
Аляксандр Мазур
 
 
Да спісу навін за 2017 год