Ўрок патрыятызму
27 лютага 2017
Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь на сталічнай Дзіцячай чыгунцы імя К. С. Заслонава прымалі незвычайных гасцей.
Адзін з іх - палкоўнік Сяргей Варановіч, начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Міністэрства абароны Беларусі. Яно было сфарміравана ў 1994
годзе. Сяргей Мікалаевіч курыруе 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён, вайскоўцы якога ўжо шмат гадоў вядуць раскопкі ў месцах бітваў Вялікай Айчыннай, Першай сусветнай войнаў і Айчыннай
вайны 1812 года. Дзякуючы працы гэтага унікальнага падраздзялення тысячы сваякоў без вестак зніклых на фронце салдат даведаліся пра лёс сваіх блізкіх і змаглі ўбачыць іх пахаванні.
Большасць юных чыгуначнікаў ўпершыню пачулі пра такое фарміраванне, таму фільм пра яго працу зрабіў на хлопчыкаў і дзяўчынак моцнае ўражанне. У ім распавядаецца пра будні падраздзялення, пра
тое, якую важную місію выконваюць ваенныя.
Яшчэ адным госцем малой Беларускай стаў старэйшы электрамеханік Мінскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Сяргей Волатовiч - удзельнік вайны ў Афганістане. У пачатку 1980-х Сяргей Пятровіч
праходзіў тэрміновую службу ў 395-м мотастралковым палку 201-й мотастралковай дывізіі ў раёне афганскага горада Кулі-Хумрi. Мае ўрадавыя ўзнагароды. Зрэшты, пра іх ён не вельмі любіць казаць, але
заўсёды памятае і распавядае пра аднапалчан, якія загінулі і цяпер жывуць.
Былым выхаванцам малой Беларускай Віталю Ваеводаву і Аляксею Жукаву крыху больш за 20 гадоў, але яны ведаюць аб гэтай вайне ўжо нямала. Абодва ўваходзяць з склад ваенна-гістарычнай групы
«шураві» і ўдзельнічаюць у рэканструкцыях баявых дзеянняў часоў афганскай вайны, а таксама Вялікай Айчыннай, якія праходзяць на тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу
«Лінія Сталіна». Хлопцы, за плячыма якіх служба ў арміі, захопленыя гісторыяй. Яны распавялі юным чыгуначнікам пра сваё хобі, прадэманстравалі форму, зброю і амуніцыю часоў
афганскай вайны.
Выклікаў вялікую цікавасць і аповяд пра армейскія буднi машыніста Сяргея Сушынскага і памочніка машыніста лакаматыўнага дэпо Мінск Аляксея Савіча, якія ў мінулым таксама былі выхаванцамі малой
Беларускай. Сёння яны вучацца ў БелДУТ, а некалькі гадоў таму вярнуліся з войска. Сяргей служыў у погранвойсках намеснікам камандзіра ўзвода, Аляксей - камандзірам аддзялення рамонтна-аднаўленчага
батальёна 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады.
Юныя выхаванцы малой Беларускай падрыхтавалі для гасцей канцэртную праграму. Выканалі песні ваенных гадоў, танцавалі, гулялі на акардэоне і гітары, чыталі вершы, дарылі зробленыя сваімі рукамі
паштоўкі. Гэта кранула некаторых да слёз. Завяршылася сустрэча фатаграфіяй на памяць.
Вольга НІКАЛАЕВА