Гістарычная даведка
Упершыню ў Мінску гудок паравоза раздаўся ў лістападаўскім паветры 1871 года, калі быў адкрыты ўчастак чыгункі ў напрамку Смаленск—Мінск—Брэст. Усяго толькі за паўтара года былі пракладзены 650 км чыгуначнай лініі. У гэты ж час у межах Мінскага аддзялення з'явіліся і першыя 13 лінейных станцый.
Усе яны дзейнічаюць і дагэтуль, некаторыя толькі памянялі назвы. Сама ж станцыя Мінск знаходзілася за гарадской рысай і для свайго часу была добра абсталявана: быў тут і пасажырскі будынак, і жылыя дамы, і майстэрні, і стрэлачныя будкі, і паравозны будынак на 12 паравозаў, і многае іншае. Мела станцыя і дзве платформы — пасажырскую і міжпуцявую.
Але ў хуткім часе ўсё змянілася: чыгуначныя зносіны ў Беларусі пачалі імкліва развівацца. Ужо праз 2 гады, у студзені 1873 года, быў адкрыты пастаянны рух на ўчастку Мінск-Вільня (сучасны Вільнюс), і цяперашняя сталіца Беларусі стала першым на нашай зямлі чыгуначным вузлом. А ў Мінску, менавіта там, дзе сёння стаіць сучасны прыгажун-вакзал, з'явіўся першы яго папярэднік — тады ўсяго толькі пасажырскі будынак. Мінскі чыгуначны вузел быў утвораны ў 1873 годзе. З увядзеннем ў эксплуатацыю Ландварава-Роменскай дарогі, былі пабудаваны і асноўныя будынкі вакзала, які называўся Віленскім. На плошчы, прылеглай да перона, былі ўзведзены драўляныя павільёны. У адным з павільёнаў размешчаны вакзал, у іншых — упраўленне станцыі, паліклініка, рамеснае вучылішча і іншыя аб'екты, звязаныя з будаўніцтвам станцыі.
Адразу пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны ў 1946 годзе было ўтворана Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі.
З 2000 года — Транспартнае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі».
У 1951 годзе пасля рэфармавання Заходняй дарогі Аршанскае аддзяленне ўвайшло ў склад Калінінскай чыгункі. Яго межы былі пашыраны да Мядзведкі (на станцыі Віцебск) і Унечы. Участак Ліда—Маладзечна застаўся ў складзе Баранавіцкага аддзялення Брэст-Літоўскай чыгункі, а ў 1953 годзе ўчастак увайшоў у склад Беларускай чыгункі. Да канца 1955 года ў Мінскае аддзяленне чыгункі былі ўключаны ўчасткі Маладзечна—Гутна і Мінск-Паўднёвы—Верайцы—Градзянка. Аршанскае аддзяленне з 1957 года было перададзена Беларускай чыгунцы, яго паўночная мяжа праходзіла па станцыі Мажэеўка.
9 ліпеня 1955 года была адчынена мінская Дзіцячая чыгунка. Сотні чыгуначнікаў, мінчан з дзецьмі, гасцей горада прыйшлі на адкрыццё дзіцячай дарогі.
10 сакавіка 1961 года ў склад Мінскага аддзялення былі ўключаны ўчасткі і прадпрыемствы Аршанскага аддзялення чыгункі. Так было створана адзінае Мінскае аддзяленне. З яго складу былі выключаны станцыі Гутна, Верайцы і ўчастак Верайцы—Градзянка.
За перыяд з 1959 года па 1979 год грузавы і пасажырскі рух быў пераведзены на цеплавозную цягу, укаранёны паточны метад рамонту грузавых вагонаў у вагонных дэпо, ажыццёўлены суцэльны перавод прамежкавых станцый на электрычную цэнтралізацыю стрэлак, сігналаў і ўчасткаў — на лікавую кодавую аўтаматычную блакіроўку, перавод прыгараднага руху ў Мінскім вузле на электрычную цягу, прывядзенне карысных даўжынь прамежкавых станцый да нормы. Ажыццёўлена рэканструкцыя станцый Мінск-Сартавальны, Орша-Цэнтральная, Орша-Заходняя і ўкаранёна на гэтых станцыях маршрутна-рэлейная электрычная цэнтралізацыя стрэлак і сігналаў, бурнымі тэмпамі развівалася грузавая гаспадарка. У 1979-1983 гады пачалося ўкараненне ЭВМ для планавання эксплуатацыйнай работы, надавалася вялікая ўвага ўдасканаленню арганізацыі работы ўсіх галін аддзялення чыгункі.
Быў ажыццёўлены перавод руху пасажырскіх і грузавых цягнікоў на электрычную цягу, электрыфікаваны рух на ўчастках Барысаў-Орша, Орша-Краснае і на Аршанскім чыгуначным вузле.
Працягвалася інтэнсіўнае ўкараненне электронна-вылічальнай тэхнікі, былі мадэрнізаваны ўстройствы сувязі, павысіліся дапушчальныя хуткасці руху цягнікоў па стане пуці.
30 снежня 2000 года была прынята ў эксплуатацыю 1-я чарга новага вакзала станцыі Мінск-Пасажырскі. 2 ліпеня 2001 года напярэдадні Дня Незалежнасці ў левым крыле вакзала адчыніліся новыя білетныя касы далёкага накірунку. У 2003 годзе будаўніцтва вакзала было завершана і ён пачаў функцыянаваць на поўную вытворчую магутнасць.
Аб працоўным гераізме будаўнікоў і эксплуатацыйнікаў у перыяд электрыфікацыі расказваюць экспанаты пакоя баявой і працоўнай славы Мінскай дыстанцыі электразабеспячэння.
Гісторыя развіцця пуцявой гаспадаркі прадстаўлена ў пакоі баявой і працоўнай славы Мінскай дыстанцыі пуці. Асабліва каштоўным з'яўляецца тое, што тут адлюстраваны многія бакі сумежных галін транспарту.
Аб гераічных і працоўных здзяйсненнях калектыву самага гераічнага прадпрыемства — лакаматыўнага дэпо Орша гавораць экспанаты музея, размешчанага ў адным будынку з цэхам рамонту дызель-цягнікоў.
У будынку былога клуба чыгуначнікаў у Мінску размясціўся музей лакаматыўнага дэпо Мінск. На шматлікіх стэндах і экспанатах наглядна прасочваецца ўклад паравознікаў, цеплавознікаў, электравознікаў у развіццё аддзялення чыгункі і лакаматыўнай галіны, адлюстраваны іх працоўныя і баявыя подзвігі.
Пакой баявой і працоўнай славы Мінскага вагоннага дэпо ярка паказвае гісторыю развіцця і ролю вагоннай гаспадаркі ў адзіным перавозачным працэсе, расказвае пра лепшых людзей галіны.
Музей Аршанскай дыстанцыі пуці прадстаўлены справамі калектыву, яго кіраўнікоў, перадавых работнікаў на розных гістарычных перыядах. У музеі аддзялення чыгункі, які быў адчынены ў 1998 годзе, адлюстраваны ўсе этапы развіцця аддзялення, гісторыя прадпрыемстваў, роля калектываў і перадавікоў вытворчасці.
На тэрыторыі аддзялення цяпер дзейнічае 72 станцыi, з якіх 62 станцыі ажыццяўляюць перавозку пасажыраў, 126 прыпыначных пунктаў, пры гэтым Орша і Маладзечна ў 1993 годзе атрымалі статус міждзяржаўных перадатачных станцый. На станцыях Краснае і Гудагай наша дарога мяжуе з Маскоўскай і Літоўскай чыгункамі. Больш за стагоддзе мінула з тых часоў, як Мінскае аддзяленне чыгункі пачало сваё існаванне, і сёння без яго работы жыццё ў Рэспубліцы Беларусь немагчыма ўявіць.
НАЧАЛЬНІКІ МІНСКАГА АДДЗЯЛЕННЯ:
1946-1955 гг. — Петуланін Міхаіл Іванавіч
1955-1959 гг. — Сарокін Георгій Мацвеевіч
1959-1979 гг. — Істушкін Фёдар Анісімавіч
1979-1983 гг. — Мітасаў Павел Васільевіч
1983-1989 гг. — Валадзько Яўген Іванавіч
1989-1990 гг. — Рынг Уладзімір Іосіфавіч
1990-2002 гг. — Гапееў Васіль Іванавіч
2002-03.03.2016 — Шылаў Ігар Сяргеевіч
20.06.2016-31.05.2019 — Дашкевіч Павел Леанідавіч
08.07.2019 па цяперашні час - Харашэвіч Аляксандр Аляксеевіч